Фарміраванне беларускага этнасу ў Новы час

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 23 Февраля 2012 в 22:10, реферат

Краткое описание

Мэта дадзенай работы: высвяціць фактары фарміравання беларускага этнасу ў Новы час. Пры напісанні работы разгледжаны наступныя пытанні: 1) этнічная структура насельніцтва Беларусі ў ХVІ – ХVІІІ стст; 2) фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці; 3) эканамічныя і палітычныя фактары фарміравання беларускай буржуазнай нацыі ў ХІХ – пачатку ХХ ст; 4) афармленне беларускай нацыянальнай ідэі і яе адлюстраванне ў грамадска-палітычнай думцы.

Содержание работы

Уводзіны...................................................................................................................3

1. Этнічная структура насельніцтва Беларусі ў ХVІ – ХVІІІ стст......................4

2. Фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці..................................................7

3. Эканамічныя і палітычныя фактары фарміравання беларускай буржуазнай нацыі ў ХІХ – пачатку ХХ ст...............................................................................17

4. Афармленне беларускай нацыянальнай ідэі і яе адлюстраванне

ў грамадска-палітычнай думцы............................................................................19

Заключэнне.............................................................................................................22

Спіс літаратуры......................................................................................................23

Содержимое работы - 1 файл

Форм. бел. этн. в Нов.вр..doc

— 121.00 Кб (Скачать файл)

Сярод найбольш адукаванай часткі насельніцтва Беларусі, галоўным чынам сярод дваранства (магнатаў, шляхты), назіралася тэндэнцыя адыходу ад культуры і мовы свайго народа да культуры і мовы суседніх дзяржаў.             У выніку лепшыя прадстаўнікі беларускага народа сваім талентам узбагачалі культуру Польшчы – кампазітар Міхаіл Агінскі (1765–1833), паэт Адам Міцкевіч (1798–1855), кампазітар Станіслаў Манюшка (1818–1872) і інш. Культуру Расіі ўзбагачалі Іван Фёдараў (Федаровіч) (1510–1583), пісьменнік, педагог, вучоны Сімеон Полацкі (1629–1680), кампазітар Міхаіл Глінка(1804–1857), вядомы дыпламат, вучоны, пісьменнік Іосіф Гашкевіч (1814–1875) і інш. Да іх можна аднесці і пісьменніка 'Ф. М Дастаеўскага, беларускія продкі якога былі дзяржаўнымі дзеячамі ў ВКЛ. Жылі яны ў с. Дастоева Брэсцкай губерні.

Чаму так здарылася, што амаль увесь букет беларускай інтэлігенцыі адышоў ад беларускай культуры і мовы? Гэта здарылася таму, што большасць беларускіх дзеячоў навукі, культуры, пісьменнікаў, музыказнаўцаў выйшлі з асяроддзя беларускіх магнатаў і шляхты, што для таго часу было натуральным, улічваючы іх магчымасці атрымаць адукацыю. У адрозненне ад простага люду (сялян, мяшчан, рамеснікаў) дваранства падвяргалася найбольшаму ўздзеянню польскай культуры. Чаму? Таму што з 1697 года польская мова стала не толькі адзінай дзяржаўнай, але і асноўнай літаратурнай. Гэта прывяло да таго, што веданне польскай мовы стала неабходным для ўсіх, хто хацеў і меў матэрыяльныя магчымасці стаць адукаваным чалавекам. У выніку таго, што простыя людзі не мелі такіх магчымасцей, яны ў меншай ступені былі пад уздзеяннем польскай мовы і культуры і захавалі сваю мову і культуру.

Разам з тым, трэба адзначыць, што, нягледзячы на значную паланізацыю беларускага дваранства, няма ніякіх падстаў лічыць яго польскім і тым больш адмаўляць яго беларускае паходжанне. Аналіз архіўных матэрыялаў аб паходжанні магнатскіх родаў, вядомых дзеячоў навукі і культуры, якія нарадзіліся на Беларусі, сведчыць аб тым, што амаль усе яны з'яўляліся беларусамі або мелі беларускія карані. Да беларускіх магнацкіх родаў адносіліся Сапегі, Глебовічы, Валовічы, Тышкевічы, Астрожскія, Друцкія, Агінскія і інш. Значна абеларусіліся, засвоілі беларускую культуру і мову магнацкія роды літоўскага паходжання -Радзівілы, Алелькавічы, Гальшанскія, Пацы і інш. Вось чаму, нават прыняўшы каталіцызм і полькую мову ў якасці літаратурнай, некаторыя магнаты і многія сярод шляхты карысталіся на радзіме, у асабістым жыцці беларускай мовай.

Па звестках перапісу насельніцтва 1897 года многія беларускія дваране запісалі ў якасці роднай — беларускую мову. Напрыклад, у Віленскай губерні больш як 1/3 усіх дваран прызналі беларускую мову сваёй роднай. Таму веравызнанне не павінна ні ў якім разе брацца ў разлік пры вызначэнні нацыянальнасці. Адносіць да палякаў этнічных беларусаў толькі таму, што ў іх каталіцкае веравызнанне, сілай навязанае ў мінулым беларусам, было такім жа глупствам, як і аднесці ўсіх палякаў, беларусаў і літоўцаў, спавяда-ўшых у мінулым пратэстанства ў форме кальвінізму, які прыйшоў з Англіі, да англічан, а рускіх, якія сёння захапляюцца індыйскімі культамі, да індусаў. У гэтай сувязі трэба адзначыць, што створаная культурнымі дзеячамі Беларусі літаратурная спадчына на польскай, а пазней на рускай мовах ў розных галінах навукі, літаратуры, сацыяльна-палітычнай, філасофскай і прававой думкі на працягу ХІV–ХІХ стст. бясспрэчна з'яўляецца арганічнай часткай беларускай культуры.

Пасля трох падзелаў Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 гг.) Беларусь была далучана да Расіі. Даволі ўмераная палітыка, якую праводзіў царскі ўрад у адносінах да Беларусі, спачатку прынесла значныя пазітыўныя змены ў жыцці беларускага народа, і гэта ні ў якім разе нельга адмаўляць. Але ўжо ў 30-я гады XIX ст., асабліва пасля задушэння паўстання 1830–1831 гг., адносіны царскай адміністрацыі да нацыянальнай палітыкі на Беларусі рэзка змяніліся. Быў створаны спецыяльны Камітэт па справах заходніх губерняў, галоўнай мэтай якога было ўзмацненне рускага ўплыву ў гэтых губернях, хоць афіцыйнай забароны беларускай культуры, мовы не было. У 1832 годзе быў закрыты Віленскі універсітэт. Полацкі царкоўны сабор 1839 года абвясціў "уз'яднанне" уніятаў з пануючай праваслаўнай царквой.

У 1840 годзе быў адменены Статут Вялікага княства Літоўскага, што датычыцца назваў "Беларусь" і "Літва", то яны афіцыйна не былі забаронены, як аб гэтым сцвярджаюць некаторыя навукоўцы. У той жа час стала распаўсюджвацца так званая тэорыя заходнерусізму, паводле якой беларусы лічыліся не самастойным этнасам, а адгалінаваннем расійскага народа. Этнаграфічныя асаблівасці, якія адрознівалі беларусаў ад рускіх, тлумачыліся польскім уплывам і падлягалі знішчэнню дзеля аднаўлення нібыта "спрадвечна рускага характару краю". Усё гэта з'яўлялася вялікай перашкодай на шляху нацыянальнай кансалідацыі беларускага насельніцтва, усведамленні ім самастойнасці беларускага этнасу, фарміраванні нацыя-нальнай самасвядомасці. Таму існавала мноства саманазваў сярод розных слаёў насельніцтва Беларусі. Сярод сялян захоўвалася сістэма этнанімічных саманазваў, якая склалася яшчэ ў ХVІ–ХVІІ стст. Літвінамі сябе па-ранейшаму называлі жыхары Гродзенскага, Ваўкавыскага, Слонімскага, часткова Слуцкага паветаў. У Віленскай губерні, Мінскім, Барысаўскім паветах літвінамі называлі толькі католікаў, а праваслаўных – беларусамі. Заходнюю Беларусь, як і раней, называлі Літвой, а этнічную Літву – Жмуддзю, Самагіціяй. Саманазва "беларусы" была шырока распаўсюджана на "гістарычнай Беларусі" – Віцебшчыне, Магілёўшчыне, Смаленшчыне, але яна мела пераважна тапанімічны характар. Захоўваліся і шматлікія эт-ніконы тыпу віцебцы, магілёўцы, гомельцы, мінчукі. У Слуцкім павеце насельніцтва некалькіх дзесяткаў вёсак называлі чарнарусамі. Большасць памешчыцкага дваранства, 92% якога былі католікамі, лічылі сябе палякамі. Дробная шляхта сваю этнічную прыналежнасць звязвала з канфесіянальнай: католікі лічылі сябе палякамі, праваслаўныя – рускімі. Аналагічным чынам вызначалі сябе і мяшчане. Этнічнае самавызначэнне інтэлігенцыі залежала, галоўным чынам, ад яе палітычнай арыентацыі. Большая частка яе аддавала перавагу польскай дэмакратычнай культуры. I толькі сярод адносна нешматлікага кола дэмакратычнай інтэлігенцыі сфарміравалася думка аб самастойнасці беларускага этнасу. Лідэрам гэтай групы стаў К.Каліноўскі. Аб гэтым сведчаць яго публікацыі ў газеце "Мужыцкая праўда", а таксама тое, што падчас паўстання 1863–1864 гадоў, на Віленшчыне былі адкрыты беларускія школы, нацыянальныя ідэі пачалі засвойвацца шырокімі народнымі масамі.

Вялікія страты насельніцтва Беларусі адбываліся ў перыяд войн, якія вяла Расія з іншымі краінамі. Толькі ў час Айчыннай вайны 1812 года у найбольш разбураных беларускіх паветах загінула каля чвэрці мужчынскага насельніцтва, больш як у тры разы скарацілася колькасць жыхароў Мінска і Віцебска. Стрымлівала рост беларускага насельніцтва ўзмацненне феадальна-прыгонніцкіх адносін, асабліва ў 1840–1850-я гады. Вось чаму за перыяд з 1796 па 1858 год насельніцтва Беларусі павялічылася толькі на 27% і склала ўсяго 3,3 млн. чалавек (у сучасных межах Беларусі). Гарадское насельніцтва павялічылася за гэты час з 5,2% да 10% [3, с. 23].

Адметныя змены ў складзе насельніцтва Беларусі адбыліся ў выніку рэформы 1861 года. Гэта было абумоўлена пазітыўнымі зрухамі ў эканамічным развіцці Беларусі ў паслярэформенны перыяд. Вялікае значэнне мела будаўніцтва новых шляхоў зносін, асабліва густой сеткі чыгунак.                   У пачатку 1880-х гадоў трансфармавалася структура сельскай гаспадаркі, значнае месца заняла малочная жывёлагадоўля. У севазвароце істотна павялічылася доля тэхнічных культур. Адбывалася пераарыентацыя сельскай гаспадаркі са знешняга на ўнутраны рынак. Хутка развівалася прамысловасць, якая перапрацоўвала мясцовую сыравіну (вінакурная, лесапільная, дрэваапрацоўчая). Большую частку таварнай прадукцыі давалі буйныя гаспадаркі, якім належала да 55% зямлі. Значна палепшылася эканамічнае становішча сялян. Вынікам гэтага стаў надзвычай хуткі рост колькасці насельніцтва – найбольш інтэнсіўны за ўсю гісторыю Беларусі. За 40 паслярэформенных гадоў колькасць яго падвоілася. У 1897 годзе на Беларусі (у сучасных межах) жыло 6,5 млн. чалавек [7, с. 471].

У гэтыя гады значна ўзмацніўся на Беларусі рускі ўплыў. Справа ў тым, што пасля падаўлення паўстання 1863 года царскі ўрад праз царкву, асвету, друк, дзяржаўныя ўстановы рэзка ўзмацніў ідэалагічную апрацоўку беларускага насельніцтва. Царская адміністрацыя пільна сачыла за выхаваннем беларусаў у духу вернасці цару, праваслаўнай царкве. Настойліва і паслядоўна даказвалася, што беларусы – гэта тыя ж рускія, толькі "сапсаваныя" польска-каталіцкім уплывам, што ім, як мага хутчэй, трэба пазбавіцца ад сваёй "мужыцкай", "хамскай" мовы і зліцца з велікарусамі. За ўдзел студэнтаў у паўстанні ўлады закрылі адзіную на Беларусі вышэйшую навучальную ўстанову – Горы-Горацкі земляробчы інстытут, скарацілі колькасць сярэдніх навучальных устаноў. Маёнткі памешчыкаў, якія мелі дачыненне да паўстання, канфіскоўваліся ў казну і на льготных умовах перадаваліся царскім генералам і чыноўнікам, выхадцам з цэнтральных губерняў.

3 мэтай выкаранення паланізму на Беларусі і Літве польскае землеўладанне замянялася рускім. Толькі ў 1864–1870 гадах у Віленскай, Віцебскай, Менскай і Гародзенскай губернях колькасць рускіх памешчыкаў вырасла з 1458 да 2433, а плошча іх уладанняў падвоілася і дасягнула 3669 тысяч дзесяцін. У выніку такой палітыкі царскага ўрада на працягу 1858-1897 гадоў удзельная вага насельніцтва, якое лічыла сябе рускім, павялічылася ў 12 разоў і склала 3,6% усіх жыхароў Беларусі. Русіфікацыя закранула, галоўным чынам, прадстаўнікоў пануючых пластоў насельніцтва. Сярод купцоў, тых, хто лічыў роднай мовай рускую, было ў 3,3 раза больш, сярод дваран – у 5,5 раза, сярод духавенства у 16 разоў больш, чым у сярэднім па Беларусі. Найбольш інтэнсіўна гэты працэс ішоў у гарадах, дзе удзельная вага беларусаў знізілася ў 2 разы, а ў Смаленскай губерні, паводле афіцыйнай статыстыкі, доля беларусаў за 40 паслярэформенных гадоў скарацілася з 53,6% да 6,6% [7, с. 472].

Сярод сялян Беларусі рускія складалі ўсяго 5%, а сярод патомных дваран – 16, асабістых дваран (чыноўнікаў) – 51,8%, духавенства – 61,5%.

Значна скарацілася на Беларусі колькасць католікаў. Пасля скасавання ў 1839 годзе уніі і далучэння уніятаў да дзяржаўнай царквы праваслаўныя сярод беларусаў, у цэлым, сталі значнай большасцю (у 1897 г. – 81,2%). Асноўная маса беларусаў-католікаў пражывала на Віленшчыне і Гродзеншчыне. У Віленскай губерні ў 1897 годзе яны складалі 58,5%.                       У Менскай і Віцебскай губернях удзельная вага католікаў сярод беларускага насельніцтва была 9–10,5%, у Магілёўскай – 2%, а ў цэлым па Заходнім краі — 18,8% [4, с. 333].

На Беларусі распаўсюджваліся шматлікія абмежаваныя законы, што датычылі яўрэйскага насельніцтва. Яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя (1794 г.) была ўстаноўлена мяжа яўрэйскай аседласці. Яўрэям дазвалялася сяліцца толькі ў заходніх губернях Расіі, у тым ліку беларускіх У 1882 годзе Аляксандр III падпісаў закон, які забараняў яўрэям і ў раёне аседласці жыць за межамі гарадоў і мястэчак, купляць і арэндаваць зямлю. У пачатку 90-х гадоў у Беларусь была выслана значная колькасць яўрэяў з Масквы і іншых гарадоў Цэнтральнай Расіі. Такім чынам была створана штучная перанаселе-насць беларускіх гарадоў яўрэямі. Лішак працаздольнага яўрэйскага насельніцгва ў гарадах і мястэчках пяці заходніх губерняў (Магілёўскай, Менскай, Гарадзенскай, Віленскай і Віцебскай) у пачатку 90-х гадоў перавышаў 470 тысяч і быў значна большы, чым усё насельніцтва Менска, Віцебска, Гародні, Пінска, Гомеля, Бабруйска Магілёва. Яўрэі не прымаліся на работу ў дзяржаўныя ўстановы, паліцыю, на афіцэрскія пасады ў войску, а таксама на чыгуначны транспарт.

Перанаселенасць беларускіх гарадоў яўрэямі істотна стрымлівала прыток у іх мясцовага сельскага насельніцтва. Колькасць выхадцаў з вёскі сярод гараджан пяці заходніх губерняў у 1866 годзе вагалася ад 0,9 да 7,2%, а ў сярэднім на адну губерню складала З,4% – усяго каля 3,6 тысячы. Асноўная маса "лішняга" на сваёй радзіме беларускага сялянства вымушана была шукаць заробкаў у іншых раёнах Расіі і за яе межамі. У 1897 годзе ў Пецярбурзе жыло 66,5 тысячы беларусаў, у Маскве – 15,9 тысячы, у Адэсе – 16,9 тысячы і г.д. [3, с. 25].

Такім чынам, дэмаграфічная палітыка царызму дэфармавала міграцыйныя працэсы сельскага насельніцтва і нацыянальны склад гарадскога насельніцтва, істотна тармазіла сацыяльна-эканамічнае, грамадска-палітычнае і культурнае развіццё Беларусі.

 

3. Эканамічныя і палітычныя фактары фарміравання беларускай буржуазнай нацыі ў ХІХ – пачатку ХХ ст.

 

Нацыя (ад лац. паtio – племя, народ) – гістарычная супольнасць людзей, якая характарызуецца ўстойлівымі эканамічнымі і тэрытарыяльнымі сувязямі, агульнасцю мовы, культуры, характару, побыту, традыцый, звычаяў, самасвядомасці. Нацыі ўзнікаюць на базе феадальных народнасцей у перыяд станаўлення капіталістычнага спосабу вытворчасці. Рашаючую ролю ў пераўтварэнні народнасцей у нацыі адыгрываюць капіталістычныя эканамічныя сувязі, фарміраванне ўнутранага рынку. Непасрэдна звязаны з эканамічным фактарам пры кансалідацыі нацый сацыяльны, палітычны, дэмаграфічны.

Адмена прыгоннага права і іншыя буржуазныя рэформы праклалі шлях для развіцця рыначных, капіталістычных адносін, якія, ў сваю чаргу, сталі эканамічнай асновай фарміравання беларускай нацыі. Стаў істотна змяняцца сацыяльны склад насельніцтва. Развіццё капіталістычных адносін прывяло да разлажэння класаў-саслоўяў феадальнага грамадства – сялян, мяшчан-рамеснікаў, дробных гандляроў, купцоў, дваран-памешчыкаў – і фарміравання на іх аснове новых класаў – пралетарыяту і буржуазіі.

Станаўленне буржуазнага грамадства мела ў Беларусі шэраг спецыфічных рыс. На ўтварэнні класаў буржуазнага грамадства адмоўна адбівалася эканамічная слабасць гарадоў, немагчымасць знайсці ў іх працу для вялікай колькасці беззямельных і малазямельных сялян, стрымліванне разлажэння памешчыцкага землеўладання. Беларуская нацыянальная буржуазія знаходзілася яшчэ на стадыі станаўлення і ўяўляла з сябе слабую праслойку мясцовай шматнацыянальнай буржуазіі. Асноўныя капіталы краю знаходзіліся ў руках польскіх і рускіх памешчыкаў, яўрэйскіх купцоў і прамыслоўцаў. Беларуская аграрная буржуазія, падзеленая па веравызнанні на праваслаўных і каталікоў, да канца не ўсвядоміла свайго нацыянальнага адзінства і часта індыферэнтна ставілася да праяў беларускага нацыянальнага руху.

Сацыяльнай базай для росту пралетарскага насельніцтва з'яўлялася сялянская бедната. Яна налічвала каля 2,8 млн, чалавек. 3 іх 1,5 млн. складала працаздольнае насельніцтва. Гарадскі пралетарыят на Беларусі папаўняўся за кошт збяднелых мяшчан, рамеснікаў, гандляроў, якія не вытрымлівалі канкурэнцыі з боку буйных прамысловых і гандлёвых прадпрыемстваў, траплялі ў залежнасць ад іх і ператвараліся ў наёмных рабочых. На рубяжы ХІХ-ХХ стст. агульная колькасць наёмных рабочых на Беларусі перавышала 460 тысяч, у тым ліку 237 тысяч – у прамысловасці.

Буйная буржуазія фарміравалася з асяроддзя купцоў і памешчыкаў-прамыслоўцаў. У 90-я гады з 741 мануфактуры і фабрыкі 343 (46%) былі ўласнасцю дваран, 293 (40%) – купцоў, 89 (12%) – мяшчан. Трэба адзначыць, што больш як паловы (51%) фабрык і заводаў на Беларусі уласнікам з'яўлялася яўрэйская буржуазія. У цэлым з 290 тысяч чалавек, занятых у канцы 90-х гадоў у прамысловасці, гандлі, транспарце і сродках сувязі пяці заходніх губерняў, а таксама ў ролі хатняй прыслугі, беларусаў (па мове) налічвалася 48,7 тысячы (17%), рускіх – 29,4 тысячы (10%), палякаў – 29,6 тысячы (10,2%), яўрэяў – 173,5 тысячы (60%) [3, с. 26].

Такім чынам, складаўся другі клас новага грамадства — буржуазія, якая валодала сродкамі вытворчасці, ідэямі і навыкамі для арганізацыі рыначнай гаспадаркі і жыла за кошт інвестыцыі капіталаў. Беларуская нацыянальная буржуазія ў другой палове XIX стагоддзя знаходзілася ў стадыі станаўлення. Асноўны капітал краю – зямельны, прамысловы, гандлёвы – знаходзіўся не ў яе руках, а ва ўласнасці польскіх і рускіх памешчыкаў, яўрэйскіх купцоў і прамыслоўцаў. Яна, у значнай меры паланізаваная і русіфікаваная, расколатая па веравызнанні, нават у канцы XIX стагоддзя не ўсведамляла свайго адзінства, варожа ставілася да праяў нацыянальнага руху, да барацьбы за раўнапраўе сваей мовы і культуры.

Информация о работе Фарміраванне беларускага этнасу ў Новы час