Беларускае грамадзтва

Автор работы: Пользователь скрыл имя, 04 Ноября 2012 в 11:54, реферат

Краткое описание

Беларускае грамадзтва глыбока расколатае. Празь дзесяць гадоў пасьля абвяшчэньня незалежнае Рэспублікі Беларусі назіраецца настолькі радыкальнае адасабленьне адной часткі грамадзянаў гэтае краіны ад другой, што, слухаючы размовы ды чытаючы артыкулы адных і другіх, староньні назіральнік можа проста не паверыць, што вядзецца ў іх пра адны й тыя ж рэаліі.

Содержимое работы - 1 файл

Беларускае грамадзтва глыбока расколатае.docx

— 44.51 Кб (Скачать файл)

На працягу ўсіх 70 гадоў існаваньня камуністычнага рэжыму названыя сымбалі  заставаліся галоўнымі для ўсіх прыхільнікаў аднаўленьня незалежнасьці Беларусі. У 1940—50-х гг. пад імі гуртаваліся ўдзельнікі антысавецкага партызанскага руху й падпольля (Беларуская вызвольная армія, Беларуская незалежніцкая партыя, Саюз беларускіх патрыётаў і інш.). У 1960—70-я пра іх легальнае адраджэньне ў Беларусі марылі інтэлектуалы-гуманітары з так званага “Акадэмічнага асяродку”, разгромленага КГБ у 1974—75 гг., і мастакі-дысыдэнты з творчага кола “На Паддашку”, якія ў 1980 годзе падрыхтавалі й распаўсюдзілі “самвыдатам” паштоўкі й плякат з выявамі “Пагоні”. Патрапіўшы за мяжу (адна з гэтых паштовак аўтарства Яўгена Куліка была перавыдадзеная і атрымала там пэўны розгалас), гэтыя сьціплыя творы надалі гістарычна-культурніцкай маніфэстацыі сэнс палітычнай вызвольнай акцыі й засьведчылі сьвету, што кіраваныя з Масквы працэсы нацыянальнай дэградацыі й асыміляцыі беларускага народу не дасягнулі яшчэ канчатковых вынікаў. У 1980-я “Пагоня” й бела-чырвона-белы сьцяг робяцца агульнавядомымі сымбалямі беларускасьці й незалежніцтва, а іх публічная дэманстрацыя адназначна трактуецца і ўладамі, і апанэнтамі гэтых уладаў як акт нацыянальнага супраціву. Для прыкладу можна прывесьці падзеі кастрычніка—лістапада 1985 г., калі на будынку Менскай мастацкай вучэльні імя Глебава два навучэнцы, Міхал Мірошнікаў і Юры Макееў, вывесілі бел-чырвона-белыя сьцягі, сарваўшы сьцягі СССР. У выніку КГБ распачало юрыдычны перасьлед 6 чалавек, а Макееў быў вымушаны спыніць вучобу.

З пачаткам працэсу дэмакратызацыі ў Савецкім Саюзе выкарыстаньне дасавецкай сымболікі ў БССР набывае масавы характар і пачынаюць гучаць патрабаваньні яе легалізацыі (першай такое патрабаваньне высунула незалежніцкая моладзевая арганізацыя “Талака” ў жніўні 1988 г.). 19 лютага 1989 г. акурат пад бела-чырвона-белымі сьцягамі на стадыёне “Дынама” ў Менску адбываецца першы ў БССР дазволены ўладамі апазыцыйны палітычны мітынг. Аднак у гэтыя ж часы нярэдкімі застаюцца арышты й пакараньні людзей (асабліва ў правінцыі) за выкарыстаньне гэтага сьцягу й “Пагоні”. Нават 19 чэрвеня 1991 г. найбуйнейшая тагачасная апазыцыйная арганізацыя — Беларускі народны фронт — была афіцыйна зарэгістраваная (праз два гады пасьля стварэньня) толькі з умоваю, што на працягу трох месяцаў прывядзе свой статут у адпаведнасьць з заканадаўствам, а менавіта скасуе там запіс, што “БНФ выкарыстоўвае беларускую гістарычную сымболіку — бела-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня” 15. І гэта пры тым, што першы з названых сымбаляў быў легалізаваны ўжо годам раней (у 1990 г.), прынамсі ў сталіцы БССР, дзе Менскі гарадзкі савет прыняў пастанову пра дазвол на ягонае выкарыстаньне ў якасьці нацыянальнага (але не дзяржаўнага) сьцягу беларусаў (але не Беларусі).

БНФ не пасьпеў прывесьці свой статут у адпаведнасьць з заканадаўствам БССР. Дакладна праз тры месяцы пасьля ягонай рэгістрацыі, 19 верасьня, краіна стала звацца Рэспублікай Беларусьсю, а ейнымі дзяржаўнымі сымбалямі сталі “Пагоня” і бела-чырвона-белы сьцяг. Ува ўмовах прагрэсаванага развалу савецкай імпэрыі, пасьля няўдалай спробы дзяржаўнага перавароту ў Маскве ў жніўні гэтага году, прадстаўнікі тагачаснай кіроўнай эліты Беларусі былі гатовыя йсьці на любыя крокі дзеля захаваньня сваёй улады ў краіне. Пасьля забароны дзейнасьці Камуністычнай партыі Савецкага Саюзу ды ейнай мясцовай філіі, Камуністычнай партыі Беларусі (25.08.1991), публічна захоўваць вернасьць камуністычнай сымболіцы здавалася ім небясьпечным. Іншых гістарычных сымбаляў Беларусі, апрача тых, што выкарыстоўвала апазыцыя, ніхто ня ведаў, а выдумляць новыя не было часу: тая самая апазыцыя, праз сваю парлямэнцкую меншасьць, актыўна высоўвала прапановы па дэсаветызацыі й дэкамунізацыі краіны, сярод якіх патрабаваньне зьмены сымболікі здавалася прагматыкам-намэнклятурнікам адным з найменш пагрозьлівых для іх асабіста. Што ж да беларускіх незалежнікаў, прадстаўнікі якіх і складалі гэтую меншасьць, то для іх вяртаньне дзяржаўнасьці нацыянальных сымбаляў было прынцыповым пытаньнем, вырашэньне якога мусіла гарантаваць незваротнасьць шляху да дзяржаўнай самастойнасьці Беларусі й беларусізацыі ейнага грамадзтва.

Такім чынам, у канцы 1991 г. адрадзілася  незалежная беларуская дзяржава, галоўныя эмблемы якой адпавядалі сымбалям папярэдніх самастойных дзяржаўных утварэньняў, што існавалі на гэтай зямлі, —  Вялікага Княства Літоўскага й Беларускай Народнай Рэспублікі. Аднак для значнай  часткі грамадзянаў новай дзяржавы, якія былі ня надта абазнанымі ў  гісторыі (у школах і ўнівэрсытэтах  БССР “дасавецкая” гісторыя Беларусі альбо зусім не вывучалася, альбо вывучалася ў мінімальным аб’ёме) ды ня надта паглыбляліся ў мудрагелістасьці палітычных маніфэстаў, гэтая сымболіка па-ранейшаму ўспрымалася як сымболіка апазыцыйных сілаў, што здолелі выкарыстаць зручны для іх момант, каб “навязаць” яе ўсёй краіне. Да таго ж, захаваўшы ўладу ў Рэспубліцы Беларусі, былыя кіраўнікі БССР выявілі сваю поўную няздольнасьць кіраваць гаспадаркай краіны ў новых умовах. На першыя два гады пасьля абвяшчэньня незалежнасьці прыйшоўся пік эканамічнага крызысу, які распачаўся яшчэ ў былым СССР у канцы 1980-х. Замест таго каб праводзіць неабходныя рэформы, тагачаснае кіраўніцтва аддавала перавагу тлумачэньню праблемаў, што апанавалі Беларусь, як непазьбежных выдаткаў дзяржаўнай самастойнасьці, якой так дамагалася “нацыяналістычная апазыцыя”. Нядзіўна, што ў такіх варунках словы “крызыс”, “пагаршэньне ўмоваў жыцьця”, “незалежнасьць”, “Пагоня”, “бела-чырвона-белы сьцяг” і “апазыцыя” зьліліся ў галовах “простага люду” ў адзін сынанімічны шэраг. Да таго ж, і прасавецкія ды прарасейскія сілы, што ў асноўным атабарыліся ў гэтак званых “сілавых структурах” (кшталту так і не рэфармаванага ў Беларусі КГБ) і атрымлівалі моцную падтрымку звонку, не пакідалі надзеі зьмяніць напрамак хады гісторыі і вялі несупынную тайную й яўную “працу сярод насельніцтва”. Найбольш удзячны водгук гэтая “праца” знаходзіла ў сэрцах старэйшага пакаленьня краіны — вэтэранаў другой сусьветнай вайны й пэнсіянэраў, для якіх СССР быў краінай іхнай маладосьці, а нечаканыя перамены несьлі толькі зьбядненьне й галечу. Варта дадаць, што дэмаграфічная сытуацыя ў тагачаснай Беларусі выглядала такім чынам, што гэтыя людзі складалі амаль 1/3 ад усяго праваздольнага насельніцтва краіны.

Акурат гэтыя чыньнікі ў сукупнасьці  і сталіся галоўнай прычынай упэўненай перамогі на першых вольных прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 г. прыхільніка аднаўленьня СССР і вяртаньня да сацыялістычна-разьмеркавальнай сыстэмы ў эканоміцы, падтрыманага Расеяй маладога маёра КГБ у адстаўцы Аляксандра Лукашэнкі. Паміж іншымі абяцаньнямі гэтага кандыдата ў прэзыдэнты было й такое:

Верну наш родной белорусский (а не БНФ-аўскі — І. Л.) флаг и символику. Народ сам решит на референдуме! Пусть сам выберет из нескольких вариантов. Не тот, который хотим ему в зубы всунуть, а тот, что ему настроение поднимает .

Абяцаны рэфэрэндум адбыўся 14 траўня 1995 г. і стаўся кульмінацыйным пунктам  абяцанага ж хуткага адкату палітычных, грамадзкіх, эканамічных дачыненьняў  у Беларусі ў стан, у якім яны  знаходзіліся да абвяшчэньня ейнае  незалежнасьці. Вяртаньне БССРаўскіх гербу й сьцяга было для ініцыятараў  гэтых працэсаў неабходным “апошнім мазком” у карціне вяртаньня краіны ў блаславёнае савецкае ўчора. Галасаваньню папярэднічала шалёная кампанія падкантрольных ураду СМІ (улучна з адзіным існаваўшым тэлевізійным каналам, вяшчаньне якога ахоплівала ўсю Беларусь) супраць “Пагоні” і бела-чырвона-белага сьцяга (галоўных дзяржаўных сымбаляў краіны на той час!). Вялізны націск быў зроблены на факт выкарыстаньня гэтых сымбаляў часткай калябарантаў падчас другой сусьветнай вайны, але быў прыцягнуты і прыклад Літвы зь ейнай прэтэнзіяй на ўсю гістарычную спадчыну былога Вялікага Княства Літоўскага (цытата з Лукашэнкі:“Бразаўскас [тагачасны прэзыдэнт Літвы — І.Л.] мне гаварыт: ты пачаму, Аляксандар Грыгор’евіч, мой герб узял? А я атвічаю: да ні брал я, ня нужан он мне!” 17), і расейскіх “экстрасэнсаў” зь іхнымі развагамі “о чуждой этнической биоэнергетике, заложенной в “Погоне” и бело-красно-белом штандарте” 18. Аднак асноўная тэза, што ўбівалася ў галовы чытачоў і тэлегледачоў, была такая: цяжкая сучаснасьць сымбалізуецца знакамі незалежнай Беларусі ды “праклятых нацыяналістаў і дэмакратаў”, а лепшая будучыня (яна ж сьветлая мінуўшчына) — эмблемамі БССР; вяртаньне пад камуністычныя сымбалі ёсьць вяртаньнем у маладосьць для паджылых людзей ды вяртаньнем у юнацтва й дзяцінства для людзей сярэдняга веку. Хіба ж Вам ніколі не хацелася вярнуцца ў дзяцінства?!

І прыём спрацаваў! Грамадзтва Рэспублікі Беларусі ў траўні 1995 году раскалолася  амаль роўна напалам. Вяртаньне  да савецкай сымболікі падтрымалі 49,7% выбарцаў, унесеных у сьпіс для галасаваньня. 50,3% галасавалі супраць або ўвогуле ігнаравалі рэфэрэндум 19. Прычым, як сьведчыць тагачасная прэса, частка з тых, хто дадатна адказаў на хітра сфармуляванае лукашэнкаўскімі юрыстамі пытаньне рэфэрэндуму (“Ці падтрымліваеце Вы ўвядзеньне новай дзяржаўнай сымболікі?”), зусім ня мелі на ўвазе падтрымаць гербава-сьцягавую рэсаветызацыю. Вось што пісала ў газэту “Наша Ніва” пасьля галасаваньня ейная чытачка Л. Дамброўская:

“Дарагая, любімая газэта! На рэфэрэндуме  я галасавала за новую дзяржаўную сымболіку — бела-чырвона-белы сьцяг і герб “Пагоня”. Раптам аказалася, што пад новым сьцягам мелі на ўвазе стары чырвона-зялёны… Для майго 37-гадовага жыцьця чырвона-зялёны — гэта й ёсьць стары сымбаль. Упэўненая, што для многіх, многіх людзей — таксама. Ці даўно мы абмяркоўвалі і прымалі сымболіку нашае зноў народжанае дзяржавы — гістарычныя сьцяг і герб? Хто ж вінаваты ў тым, што палітычная думка скача, як Пятрушка, і кланяецца то ў адзін, то ў другі бок, то адной, то другой публіцы? Думаю, што многімі людзьмі ўжо прынятае раней рашэньне пра новыя сымбалі новае дзяржавы не падлягала сумневу. Бо новыя дзяржаўныя сымбалі — гэта ня новыя гатункі кілбасы й гарэлкі, якіх можа быць некалькі на памяці аднаго пакаленьня” .

Аднак мэта ўладаў была дасягнутая. Прапанова  Лукашэнкі знайшла падтрымку  ў большасьці ўдзельнікаў рэфэрэндуму. Не зважаючы на нормы заканадаўства, якія абавязвалі вырашаць пытаньні падобнай значнасьці толькі большасьцю галасоў усіх выбарцаў, унесеных у электаральныя сьпісы, улада адразу заявіла аб сваёй перамозе. Яшчэ нават да фармальнага абвяшчэньня вынікаў рэфэрэндуму кіраўнік справаў Адміністрацыі Лукашэнкі, нядаўні першы сакратар райкаму КПБ Іван Ціцянкоў асабіста зьняў з галоўнага флагштоку краіны на даху прэзыдэнцкага палацу і публічна разьдзёр на кавалкі зьненавідны для іх сымбаль беларускае незалежнасьці — бела-чырвона-белае палотнішча Дзяржаўнага сьцягу. З гэтага сымбалічна дзікунскага акту й пачалася эпоха шызафрэнічнага існаваньня пакуль яшчэ незалежнай Рэспублікі Беларусі пад “новымі-старымі” дзяржаўнымі сымбалямі падсавецкае БССР.

Абсурднасьць сытуацыі яшчэ больш  падкрэсьліў абвешчаны распараджэньнем  кіраўніка прэзыдэнцкай Адміністрацыі праз 7 месяцаў пасьля зацьвярджэньня савецкае сымболікі ў якасьці дзяржаўнай “конкурс на найлепшы тлумачальны тэкст да Дзяржаўнага герба й Дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусі” 21. Аднак тлумачэньне знакаў, якія, як заўважыў пасьля рэфэрэндуму тагачасны начальнік Дзяржаўнае геральдычнае службы Вячаслаў Насевіч, “звычайна інтэрпрэтуюцца як трохі зьмененая сымболіка савецкага пэрыяду, што адлюстроўвае настальгію большай часткі насельніцтва па гэтым часе” 22, сталася справаю вельмі нялёгкаю, асабліва ўлічваючы інтэлектуальны патэнцыял прыхільнікаў аднаўленьня “сьветлага ўчора”. Красамоўны вынік конкурсу падвёў сябар ягонага журы, сумнавядомы ў Беларусі мовазнаўца-русіфікатар Аркадзь Жураўскі:

Прадстаўленыя на конкурс матэрыялы  ў цэлым пакідаюць сумнае ўражанне. Яны паказваюць, што ад удзелу ў  конкурсе ўхіліліся вядучыя беларускія пісьменнікі, мастакі і публіцысты, і гэта не з’яўляецца выпадковым у сучасным палітыка-ідэалагічным клімаце Беларусі…

Частка прадстаўленых на конкурс  матэрыялаў уяўляе сабой вершы, аўтары якіх у патэтычна-эмацыянальнай  форме выражаюць свае станоўчыя  адносіны да цяперашняй сімволікі. Аднак  даводзіцца канстатаваць, што такія  вершаваныя творы не адпавядаюць  асноўнаму патрабаванню конкурса —  даць найбольш поўнае раскрыццё сэнсу  і значэння цяперашніх дзяржаўных сімвалаў у цэлым або іх паасобных элементаў…

Такім чынам, у Рэспубліцы Беларусі працягваецца паралельнае суіснаваньне дзьвюх сыстэмаў сымболікі, якія для  дзьвюх асноўных групаў жыхароў гэтае  краіны маюць вартасьць дзяржаўных сымбаляў.

З аднаго боку, фактычна дзейнічаюць “Палажэньне аб Дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусі” і “Палажэньне аб Дзяржаўным сьцягу Рэспублікі Беларусі”, зацьверджаныя ўказамі прэзыдэнта №№ 213 і 214 ад 7 чэрвеня 1995 г., якія зыходзяць зь дзяржаўнага статусу нэасавецкіх эмблемаў. На абароне гэтай сымболікі стаіць Дзяржаўная геральдычная служба, што знаходзіцца ў падпарадкаваньні Дзяржаўнага камітэту па архівах і справаводзтве Рэспублікі Беларусі. Сёньняшні ейны начальнік Сяргей Рассадзін дакладна ўяўляе, чые “геральдычныя густы” абслугоўвае ягоная ўстанова:

Мы маем поўную падтрымку кіраўніцтва  і асабіста кіраўніка нашае дзяржавы, які праяўляе зацікаўленасьць у  разьвіцьці сымболікі .

Сваё разуменьне гісторыі беларускай геральдыкі ды ейных пэрпэктываў  галоўны Лукашэнкаў “геральдмайстар” Рассадзін (між іншым, гісторык паводле  адукацыі) таксама выказаў вельмі недвухсэнсоўна, пішучы на тэму вайсковай геральдыкі:

Становление современной белорусской  военной геральдики происходило  и происходит прежде всего на базе достижений советской военной геральдики. Последняя складывалась в течение многих десятилетий и сформировалась в виде целостной, оригинальной системы…

В 1990-х годах ситуация в области  военной геральдики резко изменилась. В частности, произошло массированное  внедрение в нашу армейскую атрибутику тогдашних официальных символов Республики Беларусь — герба “Погоня” и бело-красно-белого флага, а также их производных. Проблема заключалась в том, что уже сама стилистика данных герба и флага была в корне отличной от применявшихся ранее, что в результате и привело к многочисленным издержкам…

Гэтая доўгая цытата падаецца дарэчнай, бо ў ёй, як у кроплі вады, адбіліся сьветапоглядныя ўстаноўкі тае часткі насельніцтва Беларусі, чый сьцяг вісіць цяпер над адміністрацыйнымі будынкамі краіны: пачатак гісторыі з 1917 году, бачаньне “залатога веку” ў савецкім мінулым, трактаваньне нацыянальных сымбаляў беларусаў як “знакаў заняпаду” ды інш. Пры гэтым характэрнае для рэжыму Лукашэнкі імкненьне да падрабязнай рэглямэнтацыі ўсіх праяваў грамадзкага жыцьця прывяло да значнага звужэньня сфэры бытаваньня іхнае сымболікі. Так, існуе заканадаўчая забарона на ейнае выкарыстаньне ў эмблемах грамадзкіх арганізацый , вытворчасьць выяваў гербу падлягае ліцэнзаваньню (за немалыя грошы) , вышэйзгаданымі “Палажэньнямі” устаноўлены нават сьпіс службовых асобаў, якія маюць права трымаць гэтую сымболіку ў сваіх працоўных кабінэтах. У выніку “нефармальным” чынам, гэта значыць не з прымусу і не пры выкананьні службовых абавязкаў, яна цяпер выкарыстоўваецца адно толькі падчас мерапрыемстваў, што ладзяцца вэтэранамі другой сусьветнай вайны ды камуністамі. Дый там часьцей можна пабачыць СССРаўскія ці “неадрэдагаваныя” БССРаўскія арыгіналы, чымся лукашэнкаўскія “падпраўленыя” копіі.

Информация о работе Беларускае грамадзтва